Увэ Нольтэ (BARDITUS): “Выступаць тут – вялікі гонар для нас!”
Разумееце, да гэтага мы думалі, што Вашая краіна ёсьць часткай Расеі. Але калі мы прыехалі, мы пабачылі, што ўсё тут па-іншаму. Нават людзі адрозьніваюцца. Мне падаецца, што вашы людзі болей нардычнага тыпу, блізкага да нас, немцаў – падобныя рысы твару, стан. Для нас гэта быў, можна сказаць, першы сеанс жывой крыўскай музыкі і мы можам шчыра заявіць, што нам вельмі спадабалася. Асабліва ўразіла выступленьне дзяўчын з гурта “Гуда” ў нацыянальным адзенні, з разнастайнымі народнымі атрыбутамі, а іх голас і стыль сьпеваў проста нас паразілі. Дагэтуль ніколі не даводзілася чуць нічога падобнага.
Сёлета госьцем фэстывалю Crivia Aeterna былі патрыярхі нямецкага эмбіэнту гурт BARDITUS. Як і чакалася, іх прыезд прыцягнуў увагу шматлікіх аматараў падобнай музыкі па ўсёй нашай краіне. Праз некаторы час пасьля свайго выступленьня на фэсце музыкі згадзіліся даць экскюзіўнае інтэрвію дзеля прэс-цэнтру Правага Альянсу. І вось зараз Вашай увазе прадстаўлена нашая размова за кубачкам гарбаты.
Карэспандэнт: Добры дзень! Перш за ўсё хацелася б павіншаваць Вас з першым і на мой погляд даволі пасьпяховым выступленьнем у нашай краіне. Якія Вашыя ўражаньні ад тутэйшай публікі?
Увэ Нольтэ: О! Публіка ў Вас выдатная. Мне вельмі прыемна было прэзэнтаваць сваю творчасьць у Вас. Падчас выступленьня я мог нават адчуваць тую духоўную энэргію, якая напаўняла залу. Мая энэргія і энэргія прысутных зьядналіся ў адзінае цэлае, што ёсьць вельмі добрым знакам. Мы ж брацкія народы! І на сцэне я адчуў гэтае вельмі моцна.
К: А ці ёсьць што-небудзь, што Вам было не да спадобы падчас фэсту?
У. Н.: Ну, было трошкі холадна. Але гэта была невялікая праблема. Канечне, сьвятло было – лухта, але ж самае галоўнае, што сьвятло было ўнутры мяне і, я спадзяюся, усіх прысутных. Атмасфэра таму была выдатная, і ад фэстывалю ў мяне засталіся выключна добрыя ўражаньні.
К: Ці ведалі Вы раней што небудзь аб нашай краіне?
У. Н.: Разумееце, да гэтага мы думалі, што Вашая краіна ёсьць часткай Расеі. Але калі мы прыехалі, мы пабачылі, што ўсё тут па-іншаму. Нават людзі адрозьніваюцца. Мне падаецца, што вашы людзі болей нардычнага тыпу, блізкага да нас, немцаў – падобныя рысы твару, стан. Ды й нам ужо добра растлумачылі, як Вы ставіцеся да Расеі. Нашыя тутэйшыя сябры сказалі, што расейцы акупіравалі Крывію каля 200 год, і мне падалася Ваша сітуацыя блізкай. Проста мы самі расьлі ў часы ГДР, таму нам давялося пабачыць расейскіх салдат на сваёй зямлі. Мы іх усіх звалі Іванамі (сьмяюцца). Хоць нам і казалі ў школе, што гэта былі нашыя сябры, лепшыя савецкія вайскоўцы, але паводзілі яны сябе жудасна: часам маглі залезьці ў чый-небудзь сад ці агарод ды й выграбці ўсё падчыстую; а нашыя дзяўчыны ўвогуле баяліся вечарамі гуляць па вуліцах, дзе яны маглі знаходзіцца.
К: Скажыце, як Вы ставіцеся да рэлігіі ўвогуле? І ці вызнаеце Вы якую небудзь рэлігію самі?
У. Н.: Шчыра кажучы, я не магу сказаць, што я спавядаю якую-небудзь рэлігію ў чыстым выглядзе. Я проста ўзяў пэндзаль, і з дапамогай фарбаў язычніцтва і хрысьціянства намаляваў у сваіх думках уласную карціну сьветапогляду. Мы чэрпаем натхненьне з розных гістарычных эпох нашай краіны – кожная зь йіх: і язычніцкая, і хрысьціянская, была па-свойму слаўнай для Нямеччыны.
К: Што Вы думаеце наконт творчасьці некаторых іншых нямецкіх гуртоў, такіх як Von Tronstahl і г.д. Ці знаёмыя Вы асабіста?
У. Н.: Канечне, мы маем некаторыя стасункі ў нашым невялічкім музычным коле, але нельга сказаць, што мы вядзем актыўнае супрацоўніцтва. У нас свая творчасьць, якой мы аддаем усю энэргію.
К: А якія ўражаньні ў Вас ад знаёмства з нашымі музыкамі і іх кампазіцыямі?
У. Н.: Ведаеце, для нас гэта быў, можна сказаць, першы сеанс жывой крыўскай музыкі і мы можам шчыра заявіць, што нам вельмі спадабалася. Асабліва ўразіла выступленьне дзяўчын з гурта “Гуда” ў нацыянальным адзенні, з разнастайнымі народнымі атрыбутамі, а іх голас і стыль сьпеваў проста нас паразілі. Дагэтуль ніколі не даводзілася чуць нічога падобнага. Мы зрабілі шмат выдатных фатаздымкаў, каб пакінуць сабе крышачку фэстывалю, хаця нам і так ніколі не забыцца на гэтую падзею. Бо на самой справе гэта было сапраўднае культурніцкае мерапрыемства, а не subcultural shit (менавіта так ён і сказаў – аўт.). Таму для нас было вялікім гонарам выступаць на адной сцэне з Вашымі музыкамі.
К: Раскажыце, калі ласка, болей падрабязна аб Вашых музычных пражэктах. Як ствараліся?
У. Н.: ORPLID – болей студыйны пражэкт. Мой камрад па ORPLID ня хоча выступаць на сцэне. Ды й мне самому захацелася перайсьці на новы музычны ўзровень. Таму ў 2004 годзе быў створаны гурт BARDITUS, зь якім я і выступаю зараз. Як можна пачуць, BARDITUS грае болей суворую, грубую й моцную музыку. Зараз я накіраваны менавіта на працу над гэтым пражэктам. Мне гэта бліжэй, я ўкладваю ўсе сілы на разьвіцьцё BARDITUS`a. Шчыра кажучы, ORPLID ужо памёр у маіх вачах, і, хучэй за ўсё, ужо ня будзе выдаваць новыя альбомы.
К: Калі не сакрэт, чаму дзеля гуртоў былі выбраны такія назвы, і што яны ўвогуле значаць?
У. Н.: ORPLID – гэта фантастычны востраў у адным з твораў Эдуарда Мёрыке – нямецкага паэта й пісьменьніка. Гэта зямля, дзе спрадвеку пануе мір і гармонія – своеасаблівы рай на зямлі. А BARDITUS – гэта баявы кліч, якім старажытныя нямецкія ваяры пачыналі кожную бойку й пужалі сваіх ворагаў.
К: Скажыце, як Вы ставіцеся да алкаголя ў прынцыпе і ці ўжываеце самі?
У. Н.: Увогуле, п’ю я няшмат, але зрэдку магу сабе гэтае дазволіць, дакладна ведаючы меру. Напрыклад, пасьля свайго выступа выпіў келіх піва ў бары клюба – даволі добрае піва, магу сказаць. У прынцыпе, мне ў Вас вельмі падабаецца – нас так добра й па-сяброўску паўсюль вітаюць (усьміхаецца).
К: А ці ёсьць масавыя выступленьні, падобныя да нашых, на Нямечыне ў апошні час? (у гэты час на маніторы кампутара паказваюцца кадры разгонаў мітынгаў прадпрымальнікаў – аўт.)
У. Н.: На самой справе, няма чаго Вам і адказаць, бо тэлевізію я не гляджу. Яе ў мяне попрасту няма, таму што жыву я ў невялічкім драўляным доміку сярод жывапіснага лесу, дзе ніхто мяне не чапае, і дзе я спакойна магу займацца творчасьцю. Гэта мой своеасаблівы ORPLID, можна так сказаць. Там я слухаю сьпевы птушак, голас лесу – гэтую мову прыроды прыемна слухаць, і я яе добра разумею. Я зацікаўлены ў духоўным разьвіцьці і ўдасканальваньні. Мне неахвота глядзець на заняпад і дэградацыю сучаснага грамадзтва, я й так выдатна ведаю, што там робіцца і куды ўсё гэтае каціцца. Тыя навіны, што там паказваюць, для мяне даўно ўжо навінамі не зьяўляюцца: грошы, гвалт, наркотыкі – мне гэтае ня трэба.
К: І напрыканцы хацелася б запытацца, ці не жадаеце завітаць на Крывіцкую зямлю зноў?
У. Н.: Чаму не, калі зьявіцца магчымасьць? Я ня бачу тут праблемы – публіка ў Вас добрая, нам выступаць вельмі спадабалася, таму я б не адмовіўся прыехаць у Крывію зноў, каб ня толькі выканаць нашыя песьні, але й каб бліжэй пазнаёміцца з Вашай цікавай культурай.
Застаецца толькі выказаць Вам вялікую падзяку за Ваш візіт да нас і за інтэрвію. Спадзяемся, што гэта была не апошняя наша сустрэча. Жадаем Вам далейшых творчых посьпехаў і чакаем Вас зноў да нас у госьці.
Матэр’ял падрыхтаваў Багдан Война. Правы Альянс.