Orplid / Barditus

Легендарны нямецкі гурт, які стаяў ля вытокаў новай хвалі тэўтонскага рамантычнага неафольку. Праект Orplid быў створаны Увэ Нолтэ і Франкам Махау ў 1996 годзе ў саксонскім горадзе Гале пад дэвізам «Захаванне і адраджэнне нямецкай паэзіі». Назва праекту ўзятая з верша нямецкага паэта XIX ст. Эдуарда Мёрыке «Gesang Weylas», які апавядае пра далёкі райскі востраў, дзе валадарыць боская згода і пануе суладдзе.

Стылістычна праект з’яўляецца класічным прадстаўніком нямецкага неафольку. Разам з гэткімі артыстамі як Darkwood, Sonne Hagal і Forseti, ён уваходзіць у лік завадатараў стылю. Апошнімі гадамі Orplid вылучаецца большай, чым у паплечнікаў, цікаўнасцю, з аднаго боку, да электронікі, а з іншага боку, да неакласікі, пры гэтым музыка гурта па-ранейшаму захоўвае дух і атмасферу неафольку. Увэ Нолтэ, лідэр і ідэйны натхняльнік ORPLID і BARDITUS, у свой час быў адным з заснавальнікаў культавага лэйбла Eis&Licht, першым рэлізам якога стаў дэбютны альбом Orplid, які лічыцца класікай жанру. За мінулыя з таго часу 10 гадоў з гуртом адбыліся змены ў складзе, быў зменены і лэйбл. Зараз работы выдаюцца на Prophecy Productions. Дарэчы, менавіта на гэтым лэйбле выйшаў новы альбом, Greifenherz. Ён прававіта лічыцца адной з найлепшых неафольк-плытак 2008 году.

Канцэпцыю праекта, яго лірыку, выяўленчыя сродкі можна ахарактарызаваць як «лірычнае мастацтва». Тэматыка песень ахоплівае шырокі дыяпазон ад германскага паганства і грэцкай міфалогіі да хрысціянскай сімволікі ранняга сярэднявечча і абагаўлення прыроды, уласцівага для эпохі рамантызму. Побач з вершамі, напісанымі самім Увэ Нолтэ, у кампазіцыях Orplid выкарыстоўваліся таксама творы Фрыдрыха Шылера, Анет фон Дростэ-Гюльсгоф, Ёзэфа фон Айхендорфа, Готфрыда Бэна, Франка Ведэкінда і Рольфа Шылінга. Дыскаграфія праекту, апрача некалькіх міньёнаў, улучае пяць альбомаў: “Orplid” (1998), “Naechtliche Juenger” (2002), “Sterbender Satyr“ (2006), „Fruehe Werke“ (2007) і „Greifenherz“ (2008). Усе яны ў сваім часе станавіліся прыкметнымі падзеямі еўрапейскай неафольк-сцэны, аднак апошні – «Сэрца грыфона» - пераўзыйшоў усе чаканні і выклікаў захопленыя водгукі крытыкаў і слухачоў.

Гурт мае некалькі сайд-праектаў – Sonnentau, primus inter pares и Barditus. Апошні ўяўляе сабой больш жорсткі і рок-арыентаваны бок творчасці артыстаў, іх ваяўнічае альтэр-эга, якое адлюстроўвае сам назоў праекту. Barditus — старагерманскае слова, што азначае баявую песню або покліч, паводле розгаласу якога, выкліканаму «паднятымі да роту шчытамі», варажылі пра сыход бітвы.


Дадаць каментар

Spam protection by WP Captcha-Free